Кіраўніцтва ЕС яшчэ не ведае, што зробіць з Нобелеўскай прэміяй
Адпаведнае рашэнне будзе прынятае пазней.
У пятніцу стала вядома, што Нобелеўская прэмія міра прысуджаная Еўрасаюзу. Такім чынам была адзначаная праца ЕС па аб'яднанні Еўропы і пераўтварэнні яе з "кантынента вайны ў кантынент міра".
Нагадаем, на прэмію прэтэндаваў зняволены беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Як інфармуе Rеuters, прысуджэнне Нобелеўскай прэміі старшыня Еўрапейскага савета Херман ван Рампей назваў сведчаннем прызнання ЕС як глабальнага міратворца. Ганарыцца прысуджэннем прэміі і старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц. А міністр замежных спраў Нямеччыны Гіда Вестрэвелле лічыць, што гэта "грандыёзнае рашэнне".
Тым часам расійскія праваабаронцы здзіўленыя ў сувязі з прысуджэннем Нобелеўскай прэміі міра за 2012 год, паведамляе РІА "Новости". Лідар руху "За правы чалавека" Леў Панамароў мяркуе, што прэмія павінна "прысуджацца людзям, якія нярэдка рызыкуюць жыццём у рэальнай барацьбе за мір, а не канторам".