Кіраўнік ФПБ у эканамічных праблемах вінаваціць лібералізацыю эканомікі
Дасягнуты ў Беларусі сярэдні заробак у выніку дэвальвацыі абясцэніўся ў два разы.
Пра гэта заявіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік у інтэрв'ю газеце "Белорусский час". Таксама ён адзначыў, што разам з дэвальвацыяй значна выраслі кошты на прадукты, тарыфы на паслугі.
Кіраўнік афіцыйных прафсаюзаў дадаў, што грамадзяне хочуць пачуць ад урада, якія меры будуць прынятыя, каб выйсці з няпростай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі. "Калі ўрад ідзе на непапулярныя меры, мы жадаем ведаць — для чаго гэта робіцца", — падкрэсліў Козік.
Ён лічыць, што прычынай росту цэнаў на спажывецкім рынку сталі "відавочныя стратэгічныя пралікі ўрада". Адной з прычынаў ён называе лібералізацыю эканомікі. Старшыня ФПБ таксама лічыць неабходным нагадаць ураду, што той абяцаўся не павелічваць тарыфы на камуналку цягам аднаго года больш за 5 долараў.