Кіроўца расійскай фуры кроўю запісаў нумар машыны беларускага бандыта
У Баранавіцкім раёне рабаўнік учыніў дзёрзкі напад на расійскага дальнабойшчыка, які ехаў на мясцовую птушкафабрыку.
Калі кіроўца фуры спыніўся на стаянцы, каб агледзець кузаў аўтамабіля, яго стукнулі ззаду па галаве, і ён страціў прытомнасць, піша Intex-press. Здабычай рабаўніка сталі дакументы расіяніна і грошы — каля 200 долараў.
Ачуняў кіроўца толькі пасля таго, як рабаўнікі зачынілі яго ў кузаве рэфрыжыратара. Антон Галюкевіч кажа, што дабраўся да вузкага акенца ў дзвярах рэфрыжэратара, крыху разагнуў металічную кратку і стаў клікаць на дапамогу.
Хвілінаў праз 20 палонны адчуў, што машына паехала. Праз акенца Галюкевіч заўважыў на стаянцы чырвоны мікрааўтобус, які, верагодна, належаў нападніку. Расіянін уласнай кроўю запісаў нумар мікрааўтобуса на сцяне рэфрыжыратара. Праз нейкі час машына спынілася, а нападнік сышоў, кінуўшы машыну проста на дарозе. Выратаваў Галюкевіча рыбак, які ішоў міма. Пажылы мужчына пачуў крыкі, адкрыў кузаў і выпусціў Антона.
Пацярпелы адразу ж затэлефанаваў у міліцыю. Супрацоўнікі ДАІ злавілі мікрааўтобус, які Галюкевіч бачыў на прыпынку. Як высветлілася пазней, менавіта на гэтым бусе і прыехаў зламыснік.

Фота — Intex-press