Кіроўца, які пратараніў прыпынак з людзьмі, чатыры разы трапляў пад суд
Наезд на прыпынак грамадскага транспарту ў мінскім мікрараёне Шабаны будзе расследаваць Следчы камітэт.
Нагадаем, здарэнне адбылося 2 лістапада на вуліцы Селіцкага. Аўтамабіль Mercedes S-Class з нейкай прычыны вылецеў на ходнікі і пратараніў прыпынак. З чатырох пацярпелых (дваіх мужчын і дваіх жанчын) 48-гадовую мінчанку лекарам не ўдалося выратаваць і яна на наступны дзень памерла.
Крымінальную справу па факце парушэння правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, распачаў раённы аддзел Следчага камітэта. Цяпер яе перадалі ў Следчы камітэт Беларусі.
Як паведамляе БелаПАН, кіроўца "Мерседэса" быў затрыманы адразу пасля здарэння, 5 лістапада яго ўзялі пад варту. Высветлілася, што мужчына мае чатыры судзімасці, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне Правілаў дарожнага руху.

Фота — onliner.by