Кіроўцы папрасілі Лукашэнку дазволіць плёначную таніроўку

Беларускія кіроўцы падалі ў Адміністрацыю прэзідэнта больш за 4 тысячы подпісаў з просьбай дазволіць плёначную таніроўку задняга і задняга бакавога шкла аўтамабіля. Пры канцы мінулага года ў Беларусі дазволілі заводскую таніроўку. Цяпер прадстаўнікі ініцыятыўнай групы “За таніроўку” настойваюць, каб зацямняць шкло можна было і з дапамогай спецыяльнай плёнкі.

Як распавёў Еўрарадыё адзін з ініцыятараў збору подпісаў Уладзіслаў Бянько, у Адміністрацыі адказалі, што ліст адашлюць у Цэнтр прававой інфармацыі. Супрацоўніца адзначыла, што адказ, хутчэй за ўсё, будзе адмоўным.

Уладзіслаў Бянько: “Мяне ўвесь час перарывалі. Я хацеў патлумачыць, што таніроўка ўплывае на тэмпературу салона. Там шмат нюансаў, момантаў. Казаў, што дзіця са мной ездзіць увесь час, улетку. Размова была пераведзеная ў такую плынь: “А чаму вашае дзіця з вамі, а не ў школе ці ў садку ў той час, як яно там павінна быць?” Казалі, што мной зоймецца сацыяльная служба і праверыць, у якіх умовах жыве маё дзіця, дзе яно ходзіць, чым займаецца”.

Супрацоўніца Адміністрацыі выказала і сваё меркаванне наконт таніроўкі, працягвае Уладзіслаў.

Уладзіслаў Бянько:
“Там была жанчына, якая прымала грамадзянаў па асабістых пытаннях. Яна выказвала сваё меркаванне, што таніроўка ўплывае на ДТЗ. Хаця паводле дадзеных з ДАІ, з пачатку года скарацілася колькасць транспартных здарэнняў. А з пачатку года таніроўка была дазволеная”.

На сёння таніроўка дазволеная, калі яе рабілі на заводзе-вытворцы разам з машынай і калі яна прапускае не менш за 70% святла. Плёначная таніроўка забароненая. Чаму адны кіроўцы могуць ездзіць з таніраваным шклом у машыне, а іншыя — не? Інспектар мінскай ДАІ Аляксандр Бруй кажа, што закон ёсць закон, і зменаў пакуль не плануецца.

Аляксандр Бруй: “Трэба проста выконваць закон. Атрымліваецца так. Калі нешта будзе, паведамім усім. Пакуль нічога не плануецца і, здаецца, нічога не чуваць”.

Тым часам аўтааматары чакаюць адказу і рыхтуюцца да стварэння грамадскага аб’яднання, каб бараніць свае правы.

Уладзіслаў Бянько: “Трэба дачакацца хоць нейкага адказу на нашую заяву, якую мы туды даслалі. Тады будзе зразумела, што рабіць далей. Цяпер мы займаемся стварэннем грамадскага аб’яднання, якое будзе бараніць правы ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. Калі будзе створанае гэтае аб’яднанне, з нашымі дзяржаўнымі структурамі будзе лягчэй і прасцей размаўляць".

Аўтамабільны эксперт, рэдактар сайта domkrat.by Дзмітрый Навіцкі ўпэўнены, што таніроўка задняй паўсферы машыны не значна ўплывае на транспартны рух. І мінулым летам яна б для многіх была карыснай.

Дзмітрый Навіцкі:
"Я лічу, што калі чалавек хоча — у нашых умовах ён мусіць мець права на таніроўку. Напрыклад, для перавозкі дзяцей, каб не свяціла сонца. Завадская таніроўка выкарыстоўваецца на вялікіх сямейных аўтамабілях. Гэта робіцца для зручнай перавозкі дзяцей. Калі вытворца робіць машыну з таніроўкай, гэта бяспечна".

Нагадаем, першапачаткова таніроўку сваім указам забараніў прэзідэнт. Але гэта супярэчыла міжнародным правілам, пад якімі падпісалася і нашая краіна. Летась аўтааматары сабралі больш за 9 тысяч подпісаў і як вынік — заводскае таніраванае шкло тады дазволілі.


Фота: alarti-tonirovka.com