Кіроўцы ў Бабруйску пазначаюць ямы на дарозе фарбай (фота)

З ямамі работнікі ДАІ змагаюцца вывешваннем адмысловых знакаў, каб папярэдзіць кіроўцаў пра небяспеку. Вывешванне знакаў выгаднае і дарожнікам: яны пазбягаюць судовых пазоваў ад аўтааматараў, якія трапляюць у выбоіну. Зараз калі кіроўца разбівае сваё аўто на бабруйскай дарозе, то ён плаціць яшчэ і штраф — за "няўважлівасць" ці "халатнасць".

Таму аўтааматары пачалі выпраўляць сітуацыю саматугам. Прыкладам такой "грамадзянскай адказнасці" з'яўляецца надпіс фарбай на асфальце, зроблены невядомым патрыётам — "Яма". Аўтар фота, бабруйская журналістка Ганна Лапіцкая кажа, што за час назірання за "аб'ектам" ніводнае аўто ў яму не трапіла — значыць, надпіс працуе.