Ліквідатар-чарнобылец хоча паспрачацца з беларускімі чыноўнікамі ў Кіеве
Сябры грамадскай арганізацыі "Саюз Чарнобыль — Беларусь" сёння ўдзельнічаюць ў міжнароднай канферэнцыі ва Ўкраіне.
Міжнародная канферэнцыя "Пасля Чарнобыля: агульны боль, агульны клопат, агульная надзея. Асэнсаванне вынікаў і ўрокаў катастрофы", якую арганізуе Праваслаўная Царква, праходзіць сёння ў Кіеве. У ёй бяруць удзел і беларускія ліквідатары наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Адзін з іх — Аляксандр Ваўчанін, старшыня праўлення грамадскай арганізацыі "Саюз Чарнобыль — Беларусь", якая зарэгістраваная ў Кіеве. Яго арганізацыя займаецца сацыяльнай абаронай удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыіі на Чарнобыльскай АЭС.
У жывым эфіры Еўрарадыё Ваўчанін адзначыў, што хацеў бы паспрачацца ў Кіеве з беларускімі чыноўнікамі:
“Мне б вельмі хацелася падыскутаваць з нашымі беларускімі чыноўнікамі. Запрашэнне было дадзена і міністру МНС і намесніку старшыні дэпартамента і старшыні адпаведнай камісіі парламента. Вельмі добра было б, каб яны былі тут і мы з імі падыскутавалі, але думаю, што іх не будзе”.
Паводле Аляксандра Ваўчаніна, грамадскія актывісты разам з уладамі маглі б рабіць намаганні па стварэнні “чарнобыльскага” фонду.
Валчанін: “Мы б і прапанавалі тыя моманты, якія мы сумесна можам рабіць. Першае, гэта арганізаваць фонд па лініі ЕС. Мы б маглі зрабіць уніфікацыю заканадаўства па сацыяльнай абароне ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў на Чарнобыльскай АЭС — грамадзян Расіі і Беларусі”.