Рынкевічс: паміж Беларуссю і ЕС адкрываецца новая магчымасць (відэа)
У сераду ў Віцебску сустрэліся міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Латвіі Эдгарс Рынкевічс.
Між іншым гаворка ішла і пра дачыненні Беларусі і ЕС. Рынкевічс распавёў Макею пра тое, "як Еўрасаюз бачыць некаторыя пытанні".
"Тут у нас ёсць яшчэ вельмі шмат пытанняў, над якімі трэба папрацаваць, — цытуе словы латвійскага міністра замежных спраў БЕЛТА. — Гэта бачанне ЕС па некаторых аспектах дэмакратычных правоў і свабодаў, але разам з тым, што вельмі важна, мы пераходзім да абмеркавання гэтых пытанняў, дыялога, і я думаю, ёсць некаторыя пытанні, якія будуць прасоўвацца ў станоўчым рэчышчы. Мы будзе працягваць перамовы і надалей".
Разам з тым Эдгарс Рынкевічс адзначае, што ўрэгуляваць усе спрэчныя пытанні хутка не атрымаецца. Ён перакананы, што "яшчэ будзе шмат рознагалоссяў", але ўжо ёсць добрыя падставы думаць, што "паміж Беларуссю і Еўрасаюзам адкрываецца новая магчымасць" для дыялогу.