Лідар нямецкай партыі нагадаў Лукашэнку пра правы чалавека

Габрыэль нагадаў, што "ўжо звяртаўся да Вас з настойлівым заклікам вызваліць апазіцыянераў, арыштаваных, у прыватнасці, у сувязі з падзеямі пасля прэзідэнцкіх выбараў". Панаракаў, што дэлегацыя СДПГ, якая знаходзілася на гэтым тыдні ў Мінску, "запытвала ў кампетэнтных органаў улады дазвол на наведванне зняволеных", аднак у гэтым ёй адмовілі.

Старшыня СДПГ выказаў заклапочанасць тым, што "здароўе некаторых зняволеных знаходзіцца ў вельмі крытычным стане". "Напрыклад, як нам вядома, на працягу доўгага часу старшыня Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі Мікалай Статкевіч праводзіць галадоўку", - гаворыцца ў лісце.

Ён адзначыў, што міжнародная супольнасць "з глыбокім пачуццем абурэння" сочыць за тым, як у Беларусі "парушаюцца асноўныя правы чалавека". І падкрэсліў, што "правы зняволеных з'яўляюцца абавязковай часткай міжнароднага права. Яны зафіксаваныя ў дамоўнай форме на ўзроўні ААН, а таксама ў незлічоных рэгіянальных дамоўленасцях. І дзеянне гэтых правоў, між іншым, у поўным аб'ёме распаўсюджваецца і на Вашую краіну".

"Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі гатовая ў любы момант і вельмі кароткатэрмінова ізноў накіраваць у Мінск дэлегацыю з мэтай наведвання зняволеных", - адзначаецца пры канцы ліста.