Ліквідацыяй наступстваў аварыі ў Рагачове кіруе чыноўнік з аблвыканкаму

З-за дэфармацыі трубы адбылося засмечванне калектара цэнтральнай каналізацыі на перакрыжаванні вуліц Савецкая і Гарбачова. Камунальнікам давялося адключыць ваду амаль па ўсім горадзе (акрамя трох раёнаў). На месцы аварыі цяпер працуе некалькі брыгадаў рамонтнікаў і каля дзесяці адзінак тэхнікі. Яны капаюць катлаван, каб замяніць трубу.

Працамі кіруе першы намеснік абласнога ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама Павел Паўлаў.

"Працы будуць працягвацца без спынення і ў цёмны час сутак да таго часу, пакуль аварыя не будзе ліквідаваная", — цытуе яго словы БЕЛТА.

Нагадаем, у пачатку верасня з-за аварыі на калектары на суткі без вады засталіся жыхары Барысава.