Літаратурную "Мядовую прэмію" знішчаюць інсектыцыдамі
Мядовая літаратурная прэмія Брэстчыны апынулася пад пагрозай. У яе заснавальніка паэта-пчаляра Міколы Папекі з Пружаншчыны патруцілі пчол.
Інсектыцыдам апырскалі рапсавае поле эксперыментальнай базы Белавусаўшчына. Пчаляроў не папярэдзілі за тры дні, як належыць, апрацоўку правялі ў самы “лёткі” час. У выніку пчолы “леглі”. Мікола Папека патлумачыў Еўрарадыё:
Папека: "У мяне толькі восем вулляў было ў Белавусаўшчыне, далекавата ад таго поля. А вось у Міколы Зарэцкага ўсе вуллі былі ў сяміста метрах. Лётная пчала легла — каля вёскі, па дарозе, на полі. Яна ж аслабла. І што яна прынесла, пытанне. Пчала ж дабывае мёд, не атруту".
Але Мядовая прэмія сёлета будзе, сказаў спадар Папека. Год мядовы, і большасць ягоных вулляў каля грэчневага поля ў другім месцы.
Для сябе паэт-пчаляр не дабіваецца кампенсацыі. Ён патрабуе яе для іншых шасці пацярпелых пчаляроў. У ранейшага старшыні аграгаспадаркі ў Белавусаўшчыне за 20 гадоў не было ніводнай патравы пчол, кажа Папека, а тут такая нядбайнасць.
Пакуль міравога пагаднення не прадбачыцца. Верагодна, справа будзе вырашацца ў судзе.