Лукашэнка даручыў дапытаць апазіцыйных палітыкаў у сувязі з тэрактам
"Усіх прыцягнуць і дапытаць, нягледзячы ні на якую дэмакратыю, стогн і плач замежных пакутнікаў", — заявіў прэзідэнт Беларусі.
"Я даручыў разглядзець усе заявы ад палітычных дзеячаў. Мы шукаем саўдзельнікаў і заказчыкаў. Гэтыя дзеячы ад так званай пятай калоны, мабыць, раскрыюць карты і пакажуць, хто замовіў", — сказаў Лукашэнка на нарадзе ў сераду, перадае РІА Новости.
"Дагаварыліся да таго, што не толькі ўлады здзейснілі гэтае злачынства, але і вайскоўцы, міліцыя, і нават царква", — сказаў Лукашэнка. Ён яшчэ раз запатрабаваў дапытаць усіх, хто робіць такія заявы. "Знайсці і дапытаць як злачынцаў. Ніякага даравання. Яны ствараюць негатыўнае асяроддзе і бударажаць сумленных людзей", — сказаў ён.
"Любая паніка з нагоды харчу, валюты мусіць спыняцца", — сказаў Лукашэнка.
Згодна з ягонымі словамі, за распаўсюд паклёпу вінаватыя панесці крымінальную адказнасць. Лукашэнка таксама звярнуўся да праваахоўных органаў і падкрэсліў, што прадстаўнікі ад апазіцыі таксама мусяць адказваць.
"Дайшло да блюзнерства. У нас трагедыя, а нашыя еўрапейскія партнёры ў Страсбургу разважаюць пра нейкія правы чалавека, а нашыя дэмакраты з "пятай калоны" заклікаюць увесці санкцыі. Гэта скокі на костках. Інакш не назавеш такія паводзіны", - сказаў Лукашэнка.
"Уся гэтая балбатня, дэмакратызацыя, якая нам навязваецца, нічога не мае агульнага з той сапраўднай дэмакратыяй, якая павінна быць і ёсць у краіне", — адзначыў Лукашэнка.
"Найжорсткі парадак і арганізаванасць — гэта аснова нашага выжывання, і наш народ да гэтага гатовы", — мяркуе Лукашэнка.