Лукашэнка параіў радавацца, што выпала шмат снегу, і не баяцца паводкі
Кіраўнік Беларусі заявіў пра гатовасць адпаведных службаў да паводкі і заклікаў не панікаваць з нагоды магчымых наступстваў.
"Мы будзем гатовыя да гэтага вельмі сур'ёзна, але не трэба напружвацца, што нас нібыта ўсіх змые", — перадае interfax.by заяву Лукашэнкі.
Па словах кіраўніка дзяржавы, на наступным тыдні пройдзе нарада, на якой урад і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях дакладуць пра гатовасць да паводкавай сітуацыі. "Павінен вам сказаць: не перажывайце за паводку. Паводкі не будзе", — сказаў Лукашэнка, каментуючы паведамленне пра тое, што сакавіцкі снег можа негатыўна адбіцца на развіцці паводкавай сітуацыі. Аднак ён прызнаў, што ў Беларусі ёсць рэгіёны, дзе ўзровень вады падымаецца — у прыватнасці Палессе.
Выказаўся кіраўнік Беларусі і наконт нядаўняга цыклона "Хаўер". Лукашэнка лічыць, што людзі проста адвыклі ад такіх штармоў і віхураў. Таму, маўляў, пачалі крычаць замест таго, каб узяць шуфлі і пачысціць дарогі ад снегу.
"Радавацца трэба, што выпала столькі снегу. Значыць, будзе добры ўраджай", — прадказаў беларускі кіраўнік.