Лукашэнка пра Венесуэлу: З апазіцыйнымі лідарамі мы заўсёды дамовімся
Кіраўнік дзяржавы ў пятніцу выказаўся пра перспектывы развіцця беларуска-венесуэльскіх адносінаў.
Нагадаем, у Венесуэле неўзабаве адбудуцца прэзідэнцкія выбары. "Думаю, нескладана прадказаць вынікі цяперашніх выбараў у Венесуэле, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Нават самыя злейшыя ворагі Венесуэлы аддаюць перамогу Нікаласу Мадуры з розніцай прыкладна 20%. Напэўна, прадказальны вынік гэтых выбараў".
Лукашэнка перакананы, што беларуска-венесуэльскае супрацоўніцтва будзе працягвацца, незалежна ад таго, хто прыйдзе да ўлады. "Мы для іх будуем тое, што ім патрэбна, — кажа Лукашэнка. — Мы будуем і навучаем людзей працы на гэтых прадпраемствах. Хто ў свеце будзе для іх гэта рабіць?".
Кіраўнік Беларусі лічыць, што нават калі б Мадура прайграў, "з апазіцыйнымі лідарамі мы заўсёды дамовімся". Паводле слоў Лукашэнкі, беларусаў у Венесуэле ведаюць і паважаюць, і не толькі кіраўніцтва, але і простыя людзі.