Лукашэнка прыняў дэкрэт па дрэваапрацоўчых прадпрыемствах
Дэкрэт №9 пад назвай "Пра дадатковыя меры па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці" кіраўнік дзяржавы падпісаў 7 снежня.
Гаворка ў дэкрэце ідзе пра дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў стадыі тэхнічнага пераабсталявання, мадэрнізацыі і рэканструкцыі вытворчасцяў. Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка нядаўна наведаў дрэваапрацоўчыя фабрыкі ў Івацэвічах і Барысаве. Вынікам гэтых паездак і стаўся новы дэкрэт
Згодна з ім, паведамляе БЕЛТА, датэрміновае скасаванне кантракта падчас мадэрнізацыі прадпрыемства магчымае толькі са згоды наймальніка. Калі наймальнік адмовіцца скасаваць кантракт, абскардзіць гэта можна толькі ў старшыні абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта.
Праўда, работнікам такіх заводаў будзе рабіцца дадатковая даплата — зыходзячы з фінансавых магчымасцяў прадпрыемства. Але гэтыя грошы давядзецца вярнуць, калі работнік парушыць свае працоўныя абавязкі ці будзе звольнены за нейкія дзеянні.
Калі былыя работнікі не змогуць вярнуць гэтую даплату, то мусяць выплаціць яе з заробку на новым месцы працы. А калі яны не працуюць, то мусяць зноў уладкавацца на ранейшую працу. І ранейшую даплату будуць выплочваць са свайго заробку.
Такія ж меры прадугледжаныя да работнікаў тых прадпрыемстваў і праектоўшчыкаў, якія ўдзельнічаюць у мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.