Лукашэнка знайшоў карупцыю і кланавасць сярод спартовых чыноўнікаў
Такая заява прагучала сёння на паседжанні Выканкама Нацыянальнага Алімпійскага камітэта.
На гэтым паседжанні Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што не прызначае людзей паводле прынцыпу "свой-чужы", перадае БЕЛТА. Так ён пракаментаваў новыя прызначэнні ў кіраўніцтве спартовай галіны.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што знарок прызначыў кіраваць спорта людзей з іншай сферы: "Я не шукаў гэтыя кандыдатуры сярод так званых спецыялістаў ад спорту. Таму што мяне насцярожвае не толькі бяздзейнасць былых кіраўнікоў, але і факты карумпаванасці гэтых людзей. Таму кланавасці трэба было пазбегнуць, і таму прызначаў і рэкамендаваў людзей з боку. Гэта людзі, якія разумеюць і любяць спорт".
Лукашэнка мяркуе, што новыя спартовыя кіраўнікі змогуць мадэрнізаваць сістэму. Менавіта такая задача перад імі пастаўленая.
Нагадаем, што ўчора былі празначаныя міністр спорту і памочнік прэзідэнта па пытаннях спорту і турызму. Сёння быў абраны першы віцэ-прэзідэнт НАК.