Людзі былі параненыя кавалкамі мармуру, бетону, шкла, тынкоўкі ды пластыку

Еўрарадыё даведалася, якія прадметы даставалі лекары з параненых 11 сакавіка ў мінскім метро. 

 

Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў, бомба, што выбухнула ў мінскім метро, была самаробная. Злачынцы начынілі яе цвікамі ды металічнымі шарыкамі, паведаміў кіраўнік МУС Беларусі Анатоль Куляшоў.

 

Еўрарадыё вырашыла даведацца, чым была параненая большасць пацярпелых 11 сакавіка ў мінскім метро. Дзіўна, але ніякіх незвычайных прадметаў лекары падчас аперацыяў не знайшлі.

 

“Ніякіх болцікаў, цвічкоў, шарыкаў не было. Усё нейкія фрагменты нявызначанай формы. Былі і металічныя, і неметалічныя. Класіфікаваць іх цяжка. Па памерах яны розныя і маленькія, і вялікія”, расказалі Еўрарадыё ў Цэнтры траўматалогіі і артапедыі, куды даставілі чатырох чалавек у цяжкім стане.

 

Магчыма, больш падрабязна пра паходжанне гэтых аскепкаў можна будзе сказаць пасля экспертызы, на якую іх накіравалі:

 

“Калі нашы хірургі аперавалі, дык аскепкі даставалі, самыя розныя там жа многа было навокал прадметаў, і ў вагонах, і гэтак далей. Цяжка сказаць, якія яны… Мы ўсе іх аддалі на экспертызу, і, магчыма, нам скажуць больш дакладна. Мы ж лекары, а не эксперты па метале ці іншых канструкцыях. Нічога такога надзвычайнага, на што б мы звярнулі ўвагу, мы не знайшлі”.


15 пацыентаў з аскепачнымі раненнямі былі накіраваныя ў шостую гарадскую лякарню. Там, акрамя аскепкаў мармуру, лекары нічога не даставалі, распавёў галоўны лекар бальніцы.

 

Віктар Гурко: “У пацыентаў, якія да нас паступілі, з ранаў дастаюцца аскепкі мармуру. Акрамя мармуру, старонніх прадметаў у нашых пацыентаў не знойдзена”.

 

12 красавіка, адказваючы на пытанне журналістаў пра начынне выбуховай прылады, старшыня КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў зазначыў: "Аб'ём знішчальных сродкаў, у якасці якіх выкарыстоўваліся розныя металічныя прадметы (як тыя, якія былі ў карыстанні, няправільнай формы, так і тыя, што прадаюцца ў крамах, вельмі вялікі". Але звесткі сталічных дактароў разыходзяцца з меркаваннямі супрацоўнікаў КДБ.


Хіба што ў першай гарадской клінічнай лякарні з аднаго пацярпелага дасталі кавалак свінцу незразумелага паходжання: 

 

“Быў адзін невялікі кавалачак свінца, дзесьці да 4-5 міліметраў. Яшчэ кавалкі бетона, граніта, мармуру, шкла, тынкоўкі і пластыка…”


5-я гарадская клінічная бальніца:


“У аднаго пацыента дасталі невялікі металічны аскепак. Мы на гэта не асабліва звярталі ўвагі, нам галоўнае было дапамагчы, дастаць. А далей — гэта ўжо пытанні МУС”.