Магілёўская абласная пракуратура шукае крыўдзіцеляў суддзі Ланчавай
З гэтай нагоды сёння дапыталі журналістку сайта 222.by Аліну Скрэбунову.
Пракурор Павел Старыкаў цікавіўся ў журналісткі, ці ведае яна сайт “Хартыя-97”, ці наведвае яго і што ведае пра каментары, размешчаныя там. У прыватнасці, пракурора цікавіла, хто мог пакінуць каментар 7 ліпеня ў 16.00 на сайце “Хартыі” пра суддзю Ленінскага суда Магілёва Ірыну Ланчаву.
Скрэбунова кажа, што сама яна не магла гэта зрабіць, бо ў гэты час сядзела 15 сутак у ізалятары за ўдзел у “маўклівай” акцыі пратэсту.
Па словах праваабаронцы Барыса Бухеля, пракуратура дзейнічае па просьбе абласной міліцыі, якая адсочвае інтэрнэт-прастору і заўважыла абразу дзяржаўнага чыноўніка. Калі аўтара каментара знойдуць, яго могуць прыцягнуць да адказнасці.