Магілёўскіх назіральніцаў асудзілі завочна і аштрафавалі
Суд па іх справе адбыўся 31 студзеня. Аднак ні адну з іх не запрасілі на судовае пасяджэнне. І пра яго вынікі паведамілі толькі 17 сакавіка.
Ларыса Шукайла і Людміла Кавылкіна былі назіральніцамі на выбарчым участку №99 у Магілёве. 17 сакавіка яны атрымалі пад роспіс позвы ад судовага выканаўцы. Высветлілася, што кожную з іх аштрафавалі на 525 тысяч рублёў.
Падчас выбараў жанчыны абвінавацілі старшыню выбарчай камісіі Ірыну Зямцову ў тым, што яна была ў нецвярозым стане. У той дзень старшыня выбаркама святкавала свой дзень нараджэння. Аднак Зямскова падала даведку з магілёўскага наркадыспансера, што яна цвярозая, і падала заяву ў міліцыю пра паклёп.
Акрамя таго Зямцова выставіла пазоў на грашовую кампенсацыю за маральныя страты. З Ларысы Шукайла яна патрабуе 3 млн рублёў, а з Людмілы Кавылкінай — 2 млн. Пра гэта жанчыны таксама даведаліся ўчора.
Жанчыны збіраюцца абскарджваць пастанову пра штраф у Магілёўскім абласным суддзе.