Мастак з Брэста рэстаўраваў крыж паўстанцам 1863 года (фота)
Памятны знак можа ўвайсці ў экспазіцыю музея.
Крыж каля сваёй роднай вёскі Сабалі Бярозаўскага раёна брэстчанін Анатоль Жалудко абнавіў гэтым летам. Пачысціў ад іржы, пафарбаваў, дадаў распяцце, умацаваў агароджу чатырма косамі. Вось што распавёў Анатоль Жалудко пра гісторыю крыжа:
"Рамуальд Траугут базаваўся ў лясах за Сабалямі. Туды накіраваліся царскія карнікі, атрад з Кобрына. Два баі Траўгут выйграў, у трэцім быў разбіты. Невядома дакладна, дзе. Можа, на гэтай грэблі за Сабалямі. Засталося толькі адно пахаванне касінераў, тут. У 20-я гады на магіле стаяў дубовы крыж забетаніраваны, згадвалі старыя людзі. Пасля прыходу бальшавікоў у 1939-м годзе яго спілавалі мясцовыя камсамольцы".
У 1980-я гады крыж аднавілі. Цяпер спадар Жалудко дабіваецца, каб крыж ваярам Траўгута быў унесены ў афіцыйны рэестр помнікаў. Мясцовасць даступная турыстам — да галоўнай шашы краіны М1 паўкіламетра.
Ёсць у краязнаўца-энтузіяста і больш сістэмная задума. Ён купіў у Сабалях тыповую палескую хату і збірае туды артэфакты. Робіць захады, каб музей працаваў штатна. А крыж касінерам быў бы адной з цікавостак яго экспазіцыі.

Каштоўныя артэфакты з музея "зімуюць" у брэсцкай сядзібе Анатоля Жалудко.