"Мазырсоль" судзіцца з расійскай Федэральнай антыманапольнай службай
Прадпрыемства "Мазырсоль" падало ў Арбітражны суд Масквы пазоў супраць Федэральнай антыманапольнай службы (ФАС) Расіі.
Пастаўшчык беларускай солі ў Расію патрабуе прызнаць несапраўдным рашэнне ФАС, якая абвінаваціла "Мазырсоль" і шэраг расійскіх кампаній у картэльнай змове на рынку харчовай солі. Пра гэта паведамляе партал "Право.ru".
Антыманапольная служба вынесла адпаведнае рашэнне 20 студзеня 2011 года. У змове ФАС абвінаваціла "Мазырсоль" і расійскія фірмы "БПК", "ТДС" і "Еўратраст Экспа". Ведамства цвердзіць, што гэтыя кампаніі ў лютым 2010 года на адмысловай нарадзе дамовіліся пра аб'ёмы і асартымент паставак прадукцыі "Мазырсолі". Пры гэтым ФАС упэўненая, што дамовы выконваліся. Пра гэта, у прыватнасці, сведчылі звесткі па пастаўках прадукцыі беларускай кампаніі. Пазней, на паседжанні камісіі ФАС удзельнікі картэля прадставілі дакументы пра добраахвотную адмову ад выканання пунктаў пратаколу і анулявання яго.