Міліцыянты хочуць забіраць болей грошай у "валютчыкаў"
З такой прапановай МУС звярнулася ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў.
Міліцыянты хочуць узмацніць адміністрацыйную адказнасць за незаконную скупку, продаж і абмен замежнай валюты, паведамляе БЕЛТА. Міліцыянты хочуць заканадаўча замацаваць канфіскацыю ў правапарушальнікаў усіх грошай, якія будуць у іх на момант здзелкі.
Цяпер паводле закону "валютчыка" штрафуюць на суму ад 3,5 млн руб. (100 базавых велічыняў). А пры канфіскацыі маюць права забраць толькі тую суму, якая з'яўляецца прадметам здзелкі. Калі ж адказнасць стане больш жорсткай, то, на думку міліцыянтаў, у шмат якіх выпадках будзе канфіскоўвацца ад 100 млн рублёў і болей.
Дарэчы, па звестках міліцыянтаў, сярэднедзённае абарачэнне валюты ў абменніках краіны сёлета ў ліпені склала 9,8 млн долараў. А вось у ліпені 2010-га — 31,9 млн долараў. Па ацэнках праваахоўнікаў на ценявым валютным рынку штодня абарачаецца не менш за 22 млн долараў.