Міністр вышэйшай адукацыі Польшчы: Мы гатовыя прыняць студэнтаў з Беларусі
Каля 50 польскіх універсітэтаў гатовыя прыняць беларускіх студэнтаў у выпадку іх выключэння за ўдзел у акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Пра гэта заявіла міністр навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Барбара Кудрыцка, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Польскае радыё для замежжа.
Кудрыцка адзначыла, што падобная сітуацыя ўжо ўзнікала ў 2006 годзе, калі пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 244 студэнты былі вымушаныя паехаць у Польшчу для працягу вучобы. Гэтым разам, паводле ацэнак Кудрыцкай, колькасць беларусаў, якім спатрэбіцца працягнуць адукацыю за мяжой, можа быць вышэйшай.
Міністр адукацыі пацвердзіла, што беларускія студэнты змогуць разлічваць на фінансавую дапамогу. Акрамя студэнтаў, польскія ўніверсітэты гатовыя прыняць некаторую колькасць выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў з Беларусі, сказала Кудрыцка.