Міністр юстыцыі Польшчы не разумее, чаму ў краіне забаранілі беларускі сцяг
Міністр юстыцыі Яраслаў Говін заявіў, што ўзяў пад асабісты кантроль справу беларускага палітуцекача Андрэя Жукаўца.
Таксама, паведаміў чыноўнік у інтэрв'ю тэлеканалу TVP, больш не будзе выпадкаў, калі польская пракуратура дапамагаў ўладам Беларусі пераследаваць беларускіх апазіцыянераў. Акрамя таго, Яраслаў Говін не можа зразумець, чаму падчас баскетбольнага матчу Беларусь-Літва ў польскай Быдгашчы быў забаронены бел-чырвона-белы сцяг.
Говін: "Гэта перабор. Я не разумею матываў такога ўчынку. Усе мы павінны салідарызавацца з тымі, хто змагаецца за тое, што 20 гадоў таму было для палякаў марай. Яны змагаюцца за дэмакратыю і элементарную павагу для правоў чалавека".
Нагадаем, што інцыдэнт з забаронай беларускага сцяга адбыўся 25 чэрвеня 2011 года падчас чэмпіянату Еўропы сярод жанчын. Служба аховы сілком выдаліла беларускіх заўзятараў са стадыёна, дзе праходзілі спаборніцтвы. Прычынай стала адмова згарнуць бел-чырвона-белыя сцягі. Пазней забарону сцяга прызналі правамоцным суд і пракуратура Быдгашчы.