Мінпрыроды выступіла ў абарону парку імя 40-годдзя Кастрычніка ў Мінску

Міністэрства накіравала адпаведны ліст за подпісам кіраўніка Мінпрыроды Уладзіміра Цалко на імя старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі. Як паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Мінпрыроды Алена Пенязь, у лісце адзначаецца, што Мінпрыроды прапануе Мінгарвыканкаму правесці нараду з удзелам зацікаўленых дзяржорганаў і арганізацый, на якой і абмяркуюць лёс парку.

Нагадаем, што абаронцы парку ўжо звярталіся ў Адміністрацыю прэзідэнта, асабіста да Мікалая Ладуцькі, а таксама ў Камітэт дзяржкантролю і іншыя арганізацыі. 5 студзеня прадстаўнікам грамадскасці ўдалося прыпыніць высечку дрэў у парку, але актывісты асцерагаюцца, што працы могуць аднавіцца ў любы момант.