Мінскае "Дынама" застаецца ў КХЛ, легіянераў будзе не больш за 7 чалавек
У сераду прайшло пасяджэнне Назіральнага савета ХК "Дынама-Мінск".
Між іншым, у ім удзельнічалі першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Ігар Рачкоўскі і памочнік кіраўніка дзяржавы па пытаннях фізкультуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў.
Было агучана, што ў будучым сезоне "Дынама" будзе ўдзельнічаць у чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Нагадаем, кіраўнік Беларусі ў лютым даў жорсткую ацэнку няўдаламу выступленню мінскага "Дынама". Ён дапусціў, што Беларусь можа адмовіцца ад удзелу ў КХЛ і "не траціць два дзесяткі мільёнаў долараў, а ўкласці грошы ва ўласны хакей". Як бачым, на гэты крок Аляксандр Лукашэнка не рашыўся.
Назіральны савет мінскага "Дынама" таксама вырашыў, што ў наступным чэмпіянаце КХЛ у камандзе не павінна быць больш за 7 легіянераў (6 палявых гульцоў і 1 брамнік).
Фота — hcdinamo.by