Мінскія крамы на некалькі месяцаў засталіся без віскі і джыну
Імпарцёр алкаголю: Праблемы няма, ёсць дзяржаўнае рэгуляванне.
7 чэрвеня Мінгандлю вызначыла спіс элітных алкагольных напояў, на імпарт якіх не распаўсюджваецца выключнае права дзяржавы: 5 відаў шампанскага, 13 відаў каньякоў, 7 відаў віскі і па 4 віды рому і джына. Напрыклад, у спісе папулярныя віскі Johnnie Walker і Bushmills ці кубінскі ром Havana Club. Каб увезці напоі, якія не ўваходзяць ў пералік Мінгандлю, фірмы-імпарцёры павінны атрымаць квоты. Але Мінгандлю не спяшаецца выдаваць гэтыя квоты.
Як даведалася Еўрарадыё, з мінскіх крамаў знікаюць напоі, якія яшчэ не паспелі кватаваць і элітны алкаголь. У краме “Штопар” ля вакзала толькі адзін від віскі - Macallan. Па словах прадаўшчыцы, да верасня нічога і не з’явіцца – ні Jack Daniel's, ні Jim Beam, ні Johnnie Walker.
У “Штопары” на вуліцы Чырвонай з віскі толькі Bushmills за 500 тысяч рублёў.
“Вермуты ёсць, толькі, напрыклад літр Martini каштуе 120 тысяч рублёў. Пакрысе заканчваюцца каньякі, віны сярэдняй катэгорыі, застаюцца толькі вельмі дарагія ці беларускага разліву. Малдаўскія яшчэ ёсць. А калі браць сярэдні кошт, то за 30-70 тысяч рублёў мала што засталося.”
Супрацоўнік “Штопара” кажа, што алкаголь пачаў знікаць некалькі месяцаў таму.
“Людзі ідуць шукаць напоі ў іншыя крамы. Некаторыя бачаць, што мала чаго засталося і забіраюць, напрыклад, апошнюю бутэльку, хоць і не планавалі. Усе ведаюць, што адбываецца ў краіне, таму чаго здзіўляцца”.
У краме “Кюве” таксама адчулі складанасці з віскі, джынам і каньякамі. Людзі раскупілі старыя напоі, а новыя яшчэ не паспелі завезці.
“Вызначыліся з моцным алкаголем, але яго прывязуць толькі ў канцы верасня. На віны яшчэ ўвогуле не было кватавання, па вінах ніхто нічога не ведае.”
У “Кюве” разлічваюць, што элітныя напоі з’явяцца у канцы верасня і прагназуюць рост коштаў у… 3-4 разы.
У буйной фірме, якая займаецца імпартам алкаголю, Еўрарадыё распавялі, што элітныя напоі проста не паспелі прывезці, і хутка яны з’явяцца.
“Праблем, па вялікім рахунку, няма, справа ў тым, што ёсць дзяржаўнае рэгуляванне гэтага пытання. Нядаўна імпарт часткова быў дазволены, людзі проста яшчэ не паспелі прывезці алкаголь. Можна чакаць у канцы жніўня – пачатку верасня.”
З астатняй прадукцыяй больш складаная сітуацыя – ужо колькі месяцаў Мінгандлю не можа вызначыць імпарцёраў.
“Калі імпарцёраў назначаць цягам 1-2 тыдняў, то тавар з’явіцца ў верасні. Калі зацягнецца яшчэ, то нешта прадбачыць цяжка. У гэтым годзе рашэнне прымаецца дужа доўга, прыкладна паўгода.”
І фірмы, і пакупнікі нічому не здзіўляюцца - такая асаблівасць беларускага алкагольнага рынку.
Фота: samtalk.ru