Міжнародны валютны фонд папярэдзіў пра пагрозы эканоміцы Беларусі
Улады Беларусі аслабілі грашова-крэдытную палітыку і дапусцілі паскораны рост заробку.
А гэта ў сукупнасці з планамі паскоранага росту валавога ўнутранага прадукту можа прывесці да аслаблення плацёжнага балансу, узмацнення інфляцыі і стварыць пагрозу для ўстойлівай даўгавой сітуацыі.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні МВФ па выніках абмеркавання Выканаўчым саветам дырэктараў фонду трэцяга постпраграмнага маніторынгу з Беларуссю. Як зазначае МВФ, пасля леташняга сур'ёзнага крызісу плацежнага балансу ў першай палове 2012 года беларуская эканоміка стабілізавалася. Гэта адбылося ў выніку ўзмацнення эканамічнай палітыкі ўладамі ў канцы 2011-га,дзякуючы чаму ўдалося знізіць інфляцыю і дабіцца стабілізацыі валютнага рынку.
На думку дырэктараў МВФ, пастаўленыя ўладамі празмерна высокія мэтавыя паказчыкі эканамічнага росту могуць аслабіць стан плацёжнага балансу, падштурхнуць інфляцыю і стварыць пагрозу для ўстойлівасці даўгавой сітуацыі.
Прыярытэтнымі задачамі эксперты фонду называюць лібералізацыю цэн, рэформу прадпрыемстваў і прыватызацыю. Для падтрымкі ўразлівых слаёў насельніцтва МВФ рэкамендуе ствараць адрасныя сістэмы сацыяльнай абароны, паведамляе БелаПАН.
Фота — urg.in.ua