Мужчына, які завяшчаў сваю кватэру дзяржаве, быў забіты
Пра тое, што мінчук Дзмітрый Ракаўчук пакінуў сваю кватэру ў спадчыну Рэспубліцы Беларусь, стала вядома днямі.
Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў праект пастановы ўраду ў справе прыняцця ў рэспубліканскую ўласнасць згаданай кватэры. Кіраўнік дзяржавы распарадзіўся перадаць яе шматдзетнай сям'і ці сям'і інваліда.
Тым часам, журналісты газеты "Наша ніва" правялі расследаванне і даведаліся, што кватэра ў пяціпавярховым доме на вуліцы Брэсцкай — нешчаслівая. Першыя яе гаспадары траплялі ў катастрофы, а пасля развяліся. У 1990-х яе купілі Ракаўчукі, якія пераехалі ў сталіцу з Мазыра. Калі жонка памерла, Дзмітрый Ракаўчук напісаў завяшчанне і пакінуў кватэру дзяржаве. А ў верасні 2012-га стала вядома, што яго забіў сын жонкі ад першага шлюбу — ён неаднаразова патрабаваў прадаць кватэру і аддаць яму ягоную долю. Але паразумецца яны не здолелі. Цяпер пасынак арыштаваны і знаходзіцца ў следчым ізалятары.