Мытнікі працягваюць лавіць "запраўленыя" абуткам аўтамабілі (фота)
Правезці кантрабанду з Польшчы ў паліўным баку спрабавалі двое брэстаўчан.
Як паведамляе прэс-служба Брэсцкай мытні, затрымалі абодвух кантрабандыстаў у пункце пропуску "Варшаўскі мост". У “Рэно” знайшлі 40 пар абутку замежнай вытворчасці, а ў “Фольксвагене” — 20 пар. Каб трапіць да схованкі, прыйшлося дэмантаваць газавыя балоны і зняць паліўныя помпы.
Паводле папярэдняй ацэнк, агульны кошт канфіскаванага тавару склаў больш за 35 мільёнаў беларускіх рублёў.
Аўтамабілі 1994 і 1989 гадоў выпуску былі таксама канфіскаваныя як сродкі здзяйснення правапарушэння. Апроч таго былі распачатыя адміністрацыйныя працэсы. Паводле артыкулу парушальнікам пагражае да 5 мільёнаў штрафу.
Нагадаем, што на гэтым тыдні ў пункце пропуску "Брэст" затрымалі грамадзяніна Малдовы. З Польшчы ў Беларусь ён спрабаваў увезці 40 пар мужчынскага і жаночага абутку. У якасці тайніка ён выкарыстаў аб'ёмісты бак свайго "Рэно". Не ўдакладняецца, як аўтамабіль пры гэтым рухаўся, аднак верагодна, што ён папросту меў дадатковы газавы балон.