На Брэстчыне знайшлі радзіму героя Барадзінскай бітвы (фота)
Пачатак пошуку дала пячатка на старадаўнім дакуменце.
Пячатка завярала дазвол памешчыцы Марыі Андржэйковіч на шлюб дваіх сялянаў. Паперу знайшлі пры разборцы старой царквы ў вёсцы Котра Пружанскага раёна. Дакумент, датаваны 1857 годам, адрасаваўся святару храма. Краязнавец Мікола Папека распавёў Еўрарадыё:
Папека: "На сургучнай пячатцы шляхецкі герб “Грыф”, пад гербам дзве шаблі, а на іх пяць ордэнаў і медалёў. Мае даследаванні паказалі, што гэтая пячатка звязаная з 1812 годам. У выніку, на сёння ў Пружанскім раёне вядомыя два ўдзельнікі Барадзінскай бітвы: генерал Дзяконскі, які ваяваў на баку Напалеона, і вось — штабс-капітан Валынскага пяхотнага палка, а потым маёр Андржэйковіч Юльян Ігнацьевіч".
Юльян Андржэйковіч валодаў вёскай Краснае. Ён удзельнічаў у Барадзінскай бітве на рускім баку і атрымаў цяжкае раненне ў дзве нагі. За гэта пружанскі шляхціц быў узнагароджаны ордэнам Уладзіміра з бантам.
Дарэчы, прозвішча Андржэйковічаў сустракаецца таксама ў дакументах, звязаных з паўстаннем 1863 года.
