На дзіцячае “Еўрабачанне” ад Беларусі адправяць Ягора Жэшку
28 верасня прайшоў адборачны конкурс “Песня для Еўрабачання” сярод дзяцей. Пераможца паедзе ў Галандыю з песняй “А мора-мора…”
Ягору 12 гадоў ён жыве і вучыцца ў Мінску, займаецца ў эстрадна-вакальнай студыі прадзюсэрскага цэнтру “Залатыя галасы” пры арт-групе “Беларусы”. Хлопец ужо прымаў удзел у спеўных конкурсах, у тым ліку за мяжой. Ён, напрыклад, выступаў на міжнародным дзіцячым конкурсе “Трыксі” у Балгарыі ў 2011 годзе, быў сёлета ў паўфінале конкурсу “Дзіцячая новая хваля” у Маскве.
Сёлетні прадстаўнік Беларусі на дзіцячым “Еўрабачанні”, якое пройдзе 1 снежня ў Амстэрдаме, захапляецца Мікалаем Баскавым, Вітасам і Рыкі Марцінам. Апроч заняткаў вакалам, Ягор Жэшка вучыцца граць на фартэпіяна і гітары.