На Глыбоччыне пабудуюць туркомплекс з замкам і капішчам (фота)
Турыстычна-аздараўленчы комплекс плануюць пабудаваць на возеры Пліса. Ён зойме 21 гектар.
Як паведамляе сайт "Весткі", у туркомплексе адначасова змогуць адпачываць каля 500 турыстаў. У комплексе будуць спальны, гатэльна-рэстаранны, культурна-забаўляльны і лячэбна-аздараўленчы карпусы. Таксама плануецца пабудаваць сталоўку, адкрыты басейн, залу для боўлінгу, амфітэатр. Будзе сем катэджаў для багацейшых наведнікаў, а таксама чатыры дамы для супрацоўнікаў комплекса.

Побач з гэтымі будынкамі з'явяцца пабудовы, стылізаваныя пад даўніну. Гэта замак, агароджаны валам і драўлянымі сценамі. На яго тэрыторыі размесцяцца княскі палац і царква. Каля замкавых сценаў пабудуюць паганскае капішча з трыма стодамі.

Будаўніцтвам комплекса займаецца мінская фірма “Трэстпрамбуд”. Скончыць будоўлю плануецца ў 2014 годзе.