На Лідчыне грузавік з 20 тонамі рапсу ўрэзаўся ў краму
На шчасце, ахвяраў у аўтааварыі не было.
Як паведамляе БелаПАН, здарэнне адбылося 18 ліпеня ў вёсцы Ганчары Лідскага раёна. Кіроўца грузавога "Мэрсэдэса" з паўпрычэпам вёз груз з Карэліцкага раёна ў Ліду. Перамд ім рухаўся легкавы "Мэрсэдэс" і грузавік, які пачаў заварочваць да крамы, каб выгрузіць прадукты. Кіроўца грузавога "Мэрсэдэса" занадта позна заўважыў, што пярэднія аўтамабілі пачалі зніжаць хуткасць.
У выніку экстранага тармажэння і рэзкага павароту грузавік з рапсам пайшоў юзам, і кіроўца страціў над ім кантроль. "Мерсэдэс" знёс на сваім шляху легкавы "Фальксваген", прыпаркаваны на стаянцы каля крамы, і перакуліў яго дагары нагамі. Сам грузавік перакуліўся на бок і ўрэзаўся ў дзверы харчовай крамы.
У аварыі пацярпеў толькі сам вінаваўца аварыі: ён атрымаў рэзаныя раны твару.