На Маладзечанскім мясакамбінаце адбылася ўцечка аміяку (фота)

Уцечка небяспечнага рэчыва адбылася ў халадзільнай камеры прадпрыемства. Атручанне атрымаў машыніст, які ўвайшоў у камеру. Пазней стала вядома, што яшчэ тры работнікі прадпрыемства звярнуліся ў лякарню са скаргамі на кепскае самапачуванне. Яны таксама шпіталізаваныя.

У Мінскім абласным упраўленні МНС Еўрарадыё паведамілі, што адбыўся не выкід газу, а менавіта ўцечка:

Прэс-служба: "Па ўдакладненых звестак, там выкіду няма. Там адпрацаваны будынак. І гэта быў не выкід, а хутчэй уцечка аміяку".

Па звестках выратавальнікаў, па-за межамі будынку канцэнтрацыя рэчыва — у межах нормы.

Дарэчы, уладальнікам мясакамбіната з 2009 года з'яўляецца ААТ "Трайпл-Велес" Юрыя Чыжа. Як паведамляе афіцыйны сайт мясакамбіната, новае кіраўніцтва "правяло мадэрнізацыю тэхналагічных працэсаў і рэканструкцыю самога прадпрыемства".