На месцы збору ўранавай руды будуюць гандлёва-забаўляльны цэнтр (фота)
Брэсцкую грамадскасць заспакойваюць, што радыяцыі тут няма.
Будоўлю вядзе фірма “Асстор-Вэст”. Цэнтр мае быць чатырохпавярховым, агульнай плошчай 24 тысячы квадратных метраў. Першы паверх зойме супермаркет, вышэй будуць два рэстараны, більярдная і боўлінг.
Перавалку ўранавай руды з атамных станцый сацыялістычных краін рабілі вайскоўцы. У глебе тады рэгістравалася перавышэнне парогавай канцэнтрацыі цэзію і стронцыю ў 80 разоў. У 2004 годзе грунт адсюль вывезлі. Пасля гэтага ўсё стала нармальна, запэўнівае галоўны санітарны лекар Брэста Генадзь Радчанка ў інтэрв'ю газеце “Вечерний Брест”. Ён спасылаецца на некалькі дзясяткаў кропак замеру па ўсёй будаўнічай пляцоўцы.
Аднак незалежныя эколагі заклапочаныя бяспекай пад’ездаў да гандлёвага цэнтру. Дзе-нідзе гэта пусткі, якія плануюць забудаваць офіснымі і жылымі будынкамі. На думку эколагаў, вецер мог разносіць радыеактыўны пыл.