На “Славянскім базары” у Віцебску правалілася зямля (фота)
9 ліпеня вялікі правал утварыўся на вуліцы Леніна пасля буры, што здарылася перад пачаткам канцэрта Валерыя Лявонцьева.
Дождж пачаўся а 17:30. Неўзабаве парывамі ветру пачало заносіць ваду на крайнія сектары. А калі вецер дасягнуў ураганнай сілы, увесь Летні амфітэатр ператварыўся ў вялізны душ Шарко, піша сайт “Народныя навіны Віцебска”.
Праз дождж канцэрт Валерыя Лявонцьева пачаўся з 35-хвілінным спазненнем. Бо ваду прыйшлося прыбіраць нават са сцэны.
Менавіта патокі дажджавой вады выклікалі правал зямлі на праезнай частцы і тратуары вуліцы Леніна, побач са знакамітым "сінім домам" і пірамідай “Марка”. Яма атрымалася дыяметрам і глыбінёй каля паўтара метра. Дарэчы, непадалёк якраз пачалі пракладаць новы падземны пераход.

