На выкуп кнігі “Вялікае мастацтва артылерыі” сабралі першы мільён рублёў

Пра гэта паведаміў дырэктар музея Аляксей Бацюкоў. З ягоных словаў лісты з просьбай дапамагчы выкупіць рарытэтнае выданне былі разасланы шматлікім дзяржаўным і прыватным арганізацыям, аднак дагэтуль ад іх няма ніякага адказу.

Кніга нашага земляка Казіміра Семяновіча "Вялікае мастацтва артылерыі", якую хочуць выкупіць магілёўцы, з'яўляецца французскім выданнем 1651 года. Яна заклала тэарытычную аснову ракетабудавання ва ўсім свеце.

Каб выкупіць яе з прыватнай калекцыі мінскага калекцыянера, неабходна пятнаццаць тысяч еўра. Паводле папярэдняй дамоўленасці, калекцыянер абяцаў пачакаць з продажам кнігі да канца лета, да таго часу пакуль будуць сабраныя грошы.