Нацыянальны аэрапорт "Мінск": туман вылетам самалётаў не перашкодзіў

Напярэдадні з-за непагадзі не змог прызямліцца авіярэйс Варшава — Мінск, і ён быў перанакіраваны ў Гомель, інфармуе тэлеканал "Беларусь-1".

У Нацыянальным аэрапорце кажуць, што ён працуе ў штатным рэжыме — самалёты прымаюцца і адпраўляюцца згодна з раскладам.

Вось што распавяла Еўрарадыё кіраўніца прэс-цэнтра Нацыянальнага аэрапорта "Мінск" Юлія Фядотава:

"Нацыянальны аэрапорт "Мінск" працуе ў штатным рэжыме. Узлётна-пасадачная паласа аэрапорта, абсталяваная сучасным сігнальным абсталяваннем, здольная прымаць самалёты ў любых умовах надвор'я, у тым ліку дрэннай бачнасці з-за ападкаў або туману. Нягледзячы на густы туман раніцай 27 лістапада ўсе вылеты з Нацыянальнага аэрапорта "Мінск" ажыццяўляліся па раскладзе".

Што тычыцца затрымкі рэйсаў, якія прыбываюць у Мінск, то камандзіры экіпажаў самастойна прымаюць рашэнне аб пасадцы ўмовах дрэннай бачнасці.

Фота — bymedia.net