Нарвежскі экстрэмал упаў з 1200 метраў і застаўся жывы (відэа)
Бэйсджампер сарваўся ў прорву, калі падчас акрабатычнага практыкавання пад ім зламаўся турнік.
Інцыдэнт адбыўся ў даліне Эйкесдал на захадзе Нарвегіі. Здымачная група нарвежскага тэлеканала NRK рыхтавала сюжэт пра бейсджампера Рыкарда Хенрыксана. Спартовец мусіў выканаць акрабатычнае практыкаванне на турніку, усталяваным на краю прорвы глыбінёй у 1200 метраў, а пасля саскочыць у бездань і далей, значна ніжэй, раскрыць парашут.
Па камандзе рэжысёра Хенрыксан ён пачаў раскручвацца на турніку, набіраючы хуткасць, і ўжо гатовы быў выканаць сальта, калі спартовы снарад сарваўся з замацаванняў. Апоры турніка паваліліся ў прорву, а за імі ― бейсджампер. Яго, мяркуючы па ўсім, выратавала менавіта тое, што ён "затрымаўся” у паветры, выконваючы сальта. У адваротным выпадку спартовец ударыўся б ці аб брусы, ці аб скалу.
Сальта, па словах самога Хенрыксана, дазволіла яму правільна згрупавацца. "Я пайшоў уніз нагамі, і гэта мяне выратавала. Калі б я паляцеў наперад галавой, я б загінуў", ― цытуе экстрэмала сайт Charter97.org.