Назіральнікі склалі спіс з 3200 парушэнняў на выбарах у Венесуэле (відэа)

"Мы не прызнаем вынікаў, пакуль не будзе пералічаны голас кожнага венесуэльца! — заяўляе лідар венесуэльскай апазіцыі Энрыке Капрылес. — Мы паведамілі ўраду, што нашы ўласныя падлікі прынеслі вынік, які адрозніваецца ад афіцыйна абвешчанага".

У нядзелю 14 красавіка ў Венесуэле адбыліся прэзідэнцкія выбары. За "пераемніка Чавеса" Нікаласа Мадуру прагаласавала 7 мільёнаў 505 тысяч 338 чалавек (50,66%). За губернатара штата Міранда Энрыке Капрылеса — толькі 7 мільёнаў 270 тысяч 403 выбаршчыкі (49,1%). Розніца паміж Мадурам і Капрылесам — 234 тысячы галасоў.

Увесь дзень пасля выбараў прыхільнікі Капрылеса мітынгуюць у цэнтры Каракаса. Нацыянальная гвардыя ўжывае слезацечны газ і гумовыя кулі, каб разагнаць пратэстоўцаў. Тыя ў адказ кідаюць у жаўнераў камянямі і кавалкамі бетона. Па ўсім горадзе людзі грукаюць у рондалі і патэльні — так яны пратэстуюць супраць прызнання Мадуры пераможцам.

Студэнты, якія заўжды пратэстуюць найбольш актыўна, спрабуюць прабіцца ў заходнюю частку горада, дзе месцяцца ўрадавыя будынкі. На іншых вуліцах прыхільнікі Мадуры святкуюць перамогу свайго кандыдата.

Сутычкі мітынгоўцаў з войскамі працягваюцца і ўночы.

Тым часам Нікаласа Мадуру абвяшчаюць пераможцам выбараў. Яго спяшаюцца павіншаваць Рауль Кастра, Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка.

"Апазіцыя можа рабіць які заўгодна аўдыт, — сцвярджае Мадура. — Але мы давяраем венесуэльскай электаральнай сістэме".

Капрылес патрабуе ад выбарчага камітэта адчыніць скрыні для галасавання і пералічыць бюлетэні, голас за голасам. Ён кажа пра спіс у 3 тысячы 200 "інцыдэнтаў" падчас выбараў. Пра якія парушэнні ідзе гаворка?

"Сістэма падліку галасоў у Венесуэле даволі празрыстая. Зрабіць нейкія значныя фальсіфікацыі даволі цяжка, — каментуе для Еўрарадыё эксперт па краінах Лацінскай Амерыкі Кастусь Андрыеўскі. — Напрыклад, у інтэрнэце стала папулярным відэа, як нехта з выбарчай камісіі падводзіць жанчыну да планшэта і паказвае ёй, што рабіць".

Праціўнікі Мадуры лічаць, што ў кабінцы для галасавання "чавіст" прымушае жанчыну галасаваць за Нікаласа Мадуру. Але акалічнасці парушэння яшчэ не высветленыя:

Венесуэльскі палітолаг Рыкарда Рыас лічыць, што Нацыянальная выбарчая камісія гатовая прызнаць парушэнні:

Рыкарда Рыас: "Яна рабіла гэта шмат разоў... Перагляд вынікаў цалкам натуральны, і абодва кандыдаты на гэта пагадзіліся. Пераправяраць вынікі выбараў — не рэдкасць у Венесуэле".

У спісе Капрылеса — парушэнні на ўчастках і спробы перашкодзіць галасаванню, а таксама абвінавачанні ў "прыязнасці" з боку вайскоўцаў. На думку Рыаса, усё гэта магло паўплываць на вынік выбараў. А значыць, без пераліку бюлетэняў краіна, сімпатыі якой фактычна падзеленыя пароўну паміж двума кандыдатамі, легітымнасці пераможцы не прызнае.

Таму Нікалас Мадура і пагадзіўся на "аўдытарскую праверку" выбараў так лёгка.

А вось як выглядае назіранне за выбарамі па-венесуэльску: