Новы міліцэйскі начальнік дапытваў фігурантаў "справы 19 снежня"
Яго апазнала рэдактарка сайта "Хартыя'97" Наталля Радзіна.
Як распавяла журналістка ў гутарцы з Еўрарадыё, Ігара Шуневіча яна бачыла толькі адзін раз — на начным допыце ў СІЗА КДБ.
Радзіна: "Мяне выклікалі на допыт пасля адбою, пасля 22.00, калі я ўжо збіралася класціся на сваю шконку. Допыт праходзіў у кабінеце начальніка турмы, якога перад гэтым Шуневіч выдварыў з кабінета. Адразу было зразумела, што гэта "вялікая шышка". Яго цікавілі нейкія вар'яцкія рэчы, на мой погляд. Ён пытаўся пра сувязі кандыдатаў у прэзідэнты з Нямеччынай, Польшчай, Расіяй і Украінай".
З гэтых пытанняў, кажа Радзіна, яна зрабіла выснову, што Шуневіч працуе ў контрразведцы. Таму вельмі здзівілася, калі сёння даведалася, што ў КДБ Шуневіч курыраваў антыкарупцыйныя расследаванні. На яе думку, Шуневіч вельмі добра зарэкамендаваў сябе перад уладамі ў "справе 19 снежня", таму і стаў цяпер намеснікам міністра ўнутраных справаў.
Акрамя Радзінай Шуневіч дапытваў таксама Уладзіміра Кобеца — кіраўніка штаба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Таксама Шуневіч заявіў Радзінай, што размаўляў з Ірынай Халіп і Андрэем Саннікавым.