Нямецкія эсдэкі заклікаюць "спусціць штаны" са свайго МУС
Нагодай стала тое, што нямецкая паліцыя дапамагала беларускім сілавікам.
Нямецкая апазіцыйная Сацыял-дэмакратычная партыя назвала ашуканствам тлумачэнні міністра ўнутраных спраў Ханса-Петэра Фрыдрыха з нагоды супрацы з Беларуссю.
СДПГ намераная як мага хутчэй запрасіць міністра на паседжанне парламенцкага камітэта па ўнутраных справах, перадае БелаПАН са спасылкай на нямецкае выданне Der Tagesspiegel. Левая партыя і "зялёныя" падрыхтавалі спіс пытанняў да ўраду. Яны запатрабуюць ад Фрыдрыха тлумачэнняў наконт паставак рыштунку сілавікам Беларусі. Напярэдадні МУС нямеччыны паведаміў, што перадаваў афіцыйнаму Мінску камп'ютары, праграмнае забеспячэнне, відэакамеры і тры аўтамабілі "Фольксваген", а гумовыя дубінкі — прынамсі, па лініі міністэрства — не пастаўляліся.
Апазіцыя палічыла гэтую інфармацыю недастатковай. Прадстаўнік фракцыі СДПГ па ўнутраных справах Міхаэль Хартман заявіў: "Тлумачэнні федэральнага міністэрства расплывістыя і двухсэнсоўныя. Міністэрству прыйшоў час спусціць штаны".
Нагадаем, што ў Нямеччыне ўжо некалькі дзён доўжыцца скандал вакол супрацы нямецкіх і беларускіх сілавікоў. Нямецкія журналісты паведамляюць, што беларускіх міліцыянтаў навучалі разганяць акцыі пратэсту. Паводле некаторых звестак, супраца працягвалася да вясны 2012 года, хаця нямецкія службоўцы заяўлялі, што яна была спыненая пасля жорсткага разгону акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года.
Фота — nn.by