Пад Брэстам біліся арміі часоў Першай сусветнай вайны (фота)
У сядзібе Нямцэвічаў упершыню прайшоў міжнародны ваенна-гістарычны фестываль.
Фэст "Скокі-2012" аб'яднаў звыш 50 удзельнікаў-рэканструктараў з гістарычных клубаў Беларусі, Расіі і Украіны. Паглядзець на храналогію "баявых дзеянняў" , што папярэднічалі падпісанню "Брэсцкага міру", прыйшлі сотні людзей.
Вось што распавёў Еўрарадыё пра ідэю і патрэбу падобнай інтэрактыўнай выставы адзін з яе арганізатараў, старшыня Брэсцкага аддзялення Таварыства аховы помнікаў Аляксандр Жаркоў:
"Музеі, якія ў нас ёсць, — у іх глядзець няма чаго. Нашы музеі пабудаваныя па прынцыпу: чапаць нельга, разглядаць нельга, каментаваць нельга. Хацелася гэта неяк выправіць. Калі бярэш у рукі вінтоўку і ідзеш на "поле боя" (Аляксандр Жаркоў сам з'яўляецца ўдзельнікам рэканструкцыі ваенных баёў — Еўрарадыё), адчуваеш тыя мільённыя страты людзей, і іначай разумееш гісторыю. Калі мы даведаліся, што менавіта тут было першае перамір'е, якое спыніла гэтую глабальную мясарубку, то абыйсці такую падзею проста было нельга".
Раней месцам падпісання мірнага пагаднення лічылася крэпасць Брэст-Літоўск. Але цяпер ёсць дакументальнае пацвярджэнне, што дамова была падпісаная менавіта ў вёсцы Скокі пад Брэстам. Згадка знайшлася ў дзённіках камандуючага Усходнім германскім фронтам генерал-фельдмаршала прынца Баварскага Леапольда. Яго стаўка была перанесеная сюды ў 1916 годзе са Слоніма.
Фэст плануюць зрабіць штогадовым і арганізатары спадзяюцца, што з часам ён стане яшчэ адным гісторыка-культурніцкім брэндам Брэста. Як таксама адзначыў Аляксандр Жаркоў, "Скокі 2012" — гэта добры пачатак для больш маштабнага святкавання праз 5 гадоў, бо на 2017 год прыпадаюць 100-я ўгодкі пачатку мірных перамоваў.













