Пад Смаленскам злавілі беларуса з двума пісталетамі і гранатай
Паліцыянтам мужчына сказаў, што вёз здаваць зброю ў праваахоўныя органы.
"Комсомольская правда" паведамляе, што здарэнне адбылося 28 жніўня. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі спынілі ВАЗ–2114, у якім ехалі чацвёра мужчын. У аднаго з іх знайшлі пакет, у якім ляжалі два пісталеты, граната, выбухоўнік, патроны і абойма.
Як выявілася, гэты мужчына быў раней асуджаны за крадзеж. У паліцыі гэты грамадзянін Беларусі распавёў, што ехаў з Масквы ў Магілёў, а зброю збіраўся здаць у паліцыю. Праўда, мужчына не змог адказаць, у якой дзяржаве хацеў здаць зброю — у Расіі ці Беларусі.
Зброя была ў баявым стане. За яе незаконнае захоўванне і перавозку беларусу пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.
Фота — glavred.info