Падчас тушэння пажару над тэхнікай МНС праляцела бочка з саляркай

Гарэў дом, у якім ніхто не жыў. Выратавальнікаў не папярэдзілі, што ў будынку знаходзіліся гаруча-змазачныя матэрыялы, а таксама 12 кіслародных і 2 газавых балоны.

Пра тое, што адбылося далей, Еўрарадыё распавёў прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў:

"Пры тушэнні пажару ў 8.38 адбыўся выбух. Узарвалася 200-літровая бочка. Мяркуецца, што з саляркай. Яна праляцела метраў 150 над нашай тэхнікай і ўпала ў поле... Атрымалі апёкі 1-й — 3-й ступені тры супрацоўнікі. Яны адразу ж былі адпраўленыя ў апёкавы цэнтр горада Гомеля, там агледжаныя лекарам і адпушчаны. І адзін супрацоўнік з Добрушскага раённага аддзела адразу пасля змены звярнуўся ў медустанову, ён атрымаў апёк 1-й ступені. Усе супрацоўнікі ў шпіталізацыі не мелі патрэбы і былі адпушчаныя дахаты".

Цяпер высвятляюцца прычыны пажару.

Фота — bymedia.net