Падораны брэсцкай царкве 1 кг золата пайшоў на аплату пазык

Як піша "Вечерний Брест", невядомы 30-гадовы мужчына апусціў кілаграмовы злітак у скарбонку праваслаўнай царквы ў адной з крамаў. Камера відэаназірання зафіксавала, што сваю аперацыю ён суправадзіў фразай "На купалы!".

На наступны дзень золата было прададзена Нацбанку за 462 млн рублёў (каля 55 000 долараў). Сума была пераведзеная на рахунак Спаса-Раства Хрыстовай царквы.

Аднак, па словах святара Яўгена Ліхоты, грошы пойдуць не на купалы, а на пакрыццё запазычанасці будтрэсту №8. На сёння прыход завінаваціўся будаўнікам 380 млн рублёў. І гэта пры тым, што будаўнічыя працы скончыліся ўжо амаль год таму.

Разлічыўшыся з будтрэстам, на астатнія грошы вернікі змогуць працягнуць будаўніцтва. Да купалоў царкве яшчэ далёка.