Узарвалі аўтамабіль, а пасля выпісалі штраф за... няправільную паркоўку
Здарэнне адбылося ў Лондане.
Як піша газета Daily Mail, жыхар Ньюкасла Німа Хасейні Разі пакінуў аўтамабіль каля будынка парламента ў цэнтры сталіцы, бо меў праблемы з тармазамі і, нібыта, не ведаў пра правілы паркоўкі. Выклікаўшы сервісную службу, турыст пайшоў на экскурсію ў Букінгемскі палац. Пры гэтым ён пакінуў на шкле аўтамабіля запіску, у якой патлумачыў, што аўтамабіль зламаны і прасіў не штрафаваць яго. 
Пільны мінак пабачыў яе і выклікаў паліцыю. Плошча была ачэплена, а спецыялісты, дапускаючы знаходжанне ў машыне бомбы, арганізавалі кантраляваны выбух. Дарэчы, гаспадар аўтамабіля ўсё роўна атрымаў штраф за няправільную паркоўку. Цяпер мужчына просіць паліцыю кампенсаваць ягоныя страты ці даць яму новы аўтамабіль, каб даехаць дахаты.

Фота — dailymail.co.uk