Палітвязню Мікалаю Аўтуховічу споўнілася 50 год

Упершыню Аўтуховіча арыштавалі ў 2005 годзе паводле абвінавачання ў няўплаце падаткаў. Тады яго асудзілі на тры з паловай гады, нагадвае БелаПАН. Ён быў адным з шасці палітвязняў, вызваленых у выніку жорсткіх санкцыяў ЗША і Еўрасаюза.

У другі раз яго арыштавалі 8 лютага 2009 года. У траўні 2010 года яго зноў асудзілі — за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі. Вярхоўны суд палічыў Мікалая Аўтуховіча вінаватым у незаконных дзеяннях у дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў і прысудзіў да пяці год і двух месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Праваабаронцы прызналі Аўтуховіча палітвязнем, асуджаным за сваю актыўную грамадскую пазіцыю і барацьбу з карупцыяй.

17 студзеня 2012 года суд зрабіў для яго ўмовы адбывання пакарання больш жорсткімі, бо палітвязня палічылі “злосным парушальнікам рэжыму”. З калоніі ў Івацэвічах яго перавялі ў гродзенскую “крытку”.