Палякі змагаюцца за зніжэнне коштаў на званкі ў Беларусь і Украіну
Такія патрабаванні вылучаюць некалькі дэпутатаў польскага Сейму ад уладнай партыі “Грамадзянская платформа”.
Ёсць такія патрабаванні і ў дэпутатаў ад апазіцыйных “Права і Справядлівасці”, “Руху Палікота”. Зрабіць размовы тэлефонныя размовы з Беларуссю і Украінай таннейшымі хоча і дэпутат Еўрапарламенту ад партыі “Польшча з’яўляецца найважнейшай” Павал Ковал.
Яны далучыліся да акцыі “Украіна не Афрыка”, якая раней распачалася на Фэйсбуку і партале Port Europa.
Польскія мабільныя аператары вінавацяць у высокіх коштах тэлефонных размоў беларускіх і ўкраінскіх аператараў. У выпадку міжнароднай размовы кошт званка складае аплата за паслугі мясцовага аператара і аплата за паслугі замежнага аператара. Вось, маўляў, з-за коштаў, якія бяруць беларусы і ўкраінцы, званкі такія дарагія.
Аднак арганізатары акцыі не вераць у такое тлумачэнне, бо ўкраінскія аператары наадварот абвінавачваюць у высокіх коштах польскія мабільныя кампаніі.
Так, хвіліна размовы з Беларуссю і Украінай у сетцы Plus каштуе 1,8 злотых (больш чым паўдолара ЗША), а ў сетцы T-Mobile — 2,5 злотых. Цэны ў роўмінгу яшчэ вышэйшыя: 5 злотых за хвіліну і больш.